Новости

Лето. Залесье. Пейнтбол

Цікава і арыгінальна вырашылі сёлета адзначыць пачатак лета ў таварыстве з абмежаванай адказнасцю «СТФ-мантаж», якое спецыялізуецца на вытворчасці і ўстаноўцы вокнаў, дзвярэй з ПВХ, алюмініевага профілю, а таксама шэрагу спецыяльных будаўнічых канструкцый. 1 чэрвеня на ўскрайку вёскі Залессе, дзе месціцца адна з дзвюх вытворчых баз прадпрыемства, адбыліся спаборніцтвы па пейнтболу. Гэта — від спорту, у якім ігракі каманд перастрэльваюцца шарыкамі з фарбай са спецыяльнай зброі — маркёраў. Трапляючы ў іграка, шарык разбіваецца і пакідае яркі след на вопратцы або ахоўнай масцы.

У пейнтбольным турніры ўзялі ўдзел шэсць каманд прадпрыемства, а таксама каманда аддзела культуры Чэрвеньскага райвыканкама. Гульні на выбыванне, кожная з якіх складалася з двух баёў, прынеслі наступныя вынікі: «Мантажны ўчастак «СТФ-мантаж» — «Экабудмантаж» — 2:0, «Цэх «СТФ-мантаж» — «Аддзел культуры райвыканкама» — 2:0, «Лістраль Тэрма» — «Інжынерна-тэхнічныя работнікі «СТФ-мантаж» — 2:0. У паўфіналах каманда мантажнага ўчастка перамагла каманду цэха, а «Лістраль Тэрма» ўзяла верх над гаспадарамі турніру — «ПК «СТФ-Залессе». У матчы за трэцяе месца пейнтбалісты цэха былі мацнейшымі за «ПК «СТФ-Залессе». Першае месца, выйграўшы фінальны матч у мантажнікаў, заняла каманда «Лістраль Тэрма», за якую выступалі Міхаіл Розум, Сяргей Ліхадзіеўскі, Вадзім Місюк, Алег Ладыка і капітан Сяргей Васіленка. Рыхтаваў яе да спаборніцтваў кіраўнік падраздзялення Руслан Дзятлоўскі. Генеральны дырэктар ТАА «СТФ-мантаж» Андрэй Гундар і намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама па будаўніцтву і жыллёва-камунальнай гаспадарцы Мікалай Канапака уручылі пераможцам і прызёрам спаборніцтваў Дыпломы, медалі і грашовыя прэміі. Смачныя юшка і шашлык, выязны гандаль і канцэртныя нумары самадзейных артыстаў устаноў культуры раёна сталі ўдалым аздабленнем спартыўнага свята. Як распавёў «Раённаму весніку» Андрэй Гундар, спаборніцтвы па пейнтболу, услед за турнірам па настольнаму тэнісу, які прайшоў у «СТФ-мантаж» гэтай зімою, сталі працягам сацыяльнай палітыкі прадпрыемства, накіраванай на ўмацаванне калектыву, сяброўства паміж работнікамі розных падраздзяленняў.

На здымках: падчас бою;  пераможца спаборніцтваў каманда «Лістраль Тэрма».

© 2012 ООО «СТФ–монтаж»

г. Минск, пер. Чайковского, 3

тел. +375 (17) 385–64–50 (51)

Разработка сайта – Abiatec